"Невядомыя вёскі Вераб'евіцкага краю"


2018 год – год малой радзімы і актуальнасць нашай тэмы абумоўлена менавіта гэтым.
Многія вёскі Навагрудчыны, якія існавалі раней, у цяперашні час не маюць месца на нашай зямлі як паселішчы. І нездарма назва нашай працы “Невядомыя” вёскі” ўзята ў двухкоссі. Бо вёскі тыя зусім не забытыя, а напамінаюць нашай свядомасці назвамі тых месцаў, дзе яны калісьці існавалі.
Месцы тыя часткова яшчэ захоўваюць паросшыя травою і бур’яном рэшткі падмуркаў, дзе-нідзе можна ўбачыць здзічэлыя пладовыя дрэвы, ці ў большасці выпадкаў – густыя зараснікі, лес ці поле.
На тэрыторыі мікрараёна школы такіх вёсак ці былых груп хутароў некалькі: Бардзячы, Жудзілава, Нямераўшчына, Параслі, Шырнеўка, Пагор’е, Нямераўшчына. Гісторыя іх узнікнення і існавання вельмі розная, але мы паспрабавалі разабрацца і трошкі сістэматызаваць краязнаўчы матэрыял, сабраны ў школьным музеі. З назвамі гэтых вёсак звязана многа тапанімічных і гісторыка-гераічных легенд і паданняў, але гэта тэма асобнага даследавання.
Цікавасць да абранай тэмы ўзбуджае тое, што ў цяперашні час усё больш вёсак пусцее, акрамя тых, што не так даўно сталі аграгарадкамі. 


1. БАРДЗЯЧЫ
Упершыню пасяленне ўпамінаецца пад 1601 годам – “Борздячая”, – як сяло маёнтка Любча, 4 валокі зямлі. Але ўжо пад 1683 годам фігуруе як уласнасць В. Залескага з 18 дымамі разам з маёнткам Рэцемля.[12]
Месца, дзе знаходзіўся маёнтак Бардзячы.
У 1717 годзе – маёнтак, уласнасць навагрудскага скарбніка С. Вайніловіча, які ён атрымаў ад навагрудскага стольніка Свідэрскага, 1,5 дыма. У 1777 годзе ўпамінаецца як маёнтак Уселюбскай уніяцкай парафіі, уласнасць Вайніловіча; у маёнтку: панскі двор – 1 дым, в. Бардзяч – 10 дымоў. У тым жа годзе становіцца ўласнасцю навагрудскага падкаморыя Рдултоўскага, 17 дымоў. Пад 1789 годам узгадваецца як уласнасць Ю. Вайніловіча, навагрудскага лоўчага; дымы: 1 дворны, 12 цяглых, 1 халупнік. Усяго 14 двароў, 77 жыхароў. [12]
Але ўжо пад 1860 годам Бардзячы і Клюкавічы ўпамінаюцца як маёнтак Навагрудскага ўезда, уласнасць графаў О’Руркаў. У маёнтку: прыгонных 123 мужчыны, 116 жанчын, сялянскіх цяглых двароў – 24. У карыстанні сялян зямлі, дзесяцін: сядзібнай – 15 (0,62 на двор), ворнай – 240, сенажацяў – 48, выганаў – 24, усяго – 327, у тым ліку на двор – 13,62, на душу – 2,65. Зямлі ў памешчыка ўсяго 1224 дзесяціны, у тым ліку 582 дзесяціны лесу. Павіннасці сялян у год: прыгон – 156 дзён для мужчын і 104 дні для жанчын з двара, згоны – па 12 дзён з працаздольнай душы для мужчын і жанчын, шарваркі – 9 дзён з двара.[12]
У 1876 годзе – уласнасць Мікалая О’Рурка, 1212 дзесяцін зямлі разам з маёнткам Клюкавічы, штогадовы прыбытак з вадзянога млына – 150 рублёў.[12]
У 1888 годзе – маёнтак Гарадзечанскай воласці разам з маёнткам Клюкавічы – 1270 дзесяцін зямлі.[12]
1911 год – уласнасць О’Руркаў, 614 дзесяцін зямлі. [12]
1921 год – фальварак Гарадзечанскай гміны, 5 жылых будынкаў, 82 жыхары (37 мужчын і 45 жанчын).[12]
Як відаць з вышэй упамянутага, маёнтак Бардзячы шмат разоў прадаваўся і перапрадаваўся, пакуль не стаў уласнасцю графаў О’Руркаў. Варта яшчэ ўзгадаць, што ў архівах маёнтка захавалія вэксалі ўладальніка Вікенція Залескага, датаваныя 1832 і 1833 гадамі, з якіх вынікае, што памешчык Залескі ўзяў у Санкт-Пецярбургскім банку крэдыт на 6900 рублёў і выплочваў па 552 рублі штогод.[3]
Граф Іосіф Карнілавіч О’Рурк набыў маёнтак у 1839 годзе ўжо ў «Девицы Емильи Сергеева Дочери Норштейн» з “53 Мужика Пола Души съ ихъ женскимъ поломъ и всякого рода Движимостiю”, аб чым сведчыць купчая крэпасць. [1]
Апошняй уладальніцай Бардзячаў была Элеанора Іванаўна О’Рурк, якую выселілі з маёнтка ў 1939 годзе, а польскіх асаднікаў выправілі на Поўнач спецперасяленцамі. Саму графіню з-за вельмі сталага ўзросту (больш 100 гадоў) на Поўнач не адправілі. Яна хадзіла па хатах і прасіла есці, потым некуды знікла. Далейшы лё с яе невядомы.
Наконт вывезеных асаднікаў. Былі вывезеныя з Бардзячаў сем’і Турчынскіх, Внукоўскіх, Табенскіх у Архангельскую вобласць на спецпасяленне 05.03.40, Шэнкурскі р-н, Уксора. Вызвалены са спецпасялення па амністыі 12.10.41.[2] Цікава тое, што спецперасяленцамі з Бардзячаў стала многа дзяцей, нараджэннем з 1926 па 1937 гады. Гэта можа азначаць толькі тое, што польскія асаднікі спадзяваліся на сталае пражыванне ў Бардзячах, бо нарадзілі тут столькі дзяцей (па 2-4 у сям’і).




2.ЖУДЗІЛАВА

Фактычна Жудзілава – гэта не вёска, а шэраг хутароў, якія ўзніклі ў часы правядзення аграрнай рэформы П. А. Сталыпіна. Знаходзіцца Жудзілава на паўночны захад ад аграгарадка Вераб’евічы, цягнецца далінаю па напрамку на вёску Вераскава. Расказ пра гэтую вёску Мароза Барыса Іванавіча 1930 года нараджэння, запісаны ў 2000 годзе:
“Хутары Жудзілава падзяляліся на тры часткі: Жудзілава Вераб’евіцкае (24 двары), Жудзілава Антонаўскае (7 двароў) і Жудзілава Поўберагскае (3 двары).
Землі знаходзіліся ва ўладанні вераскоўскага пана Брухоцкага. Пан надзяляў гаспадароў шнурамі (надзеламі) зямлі ў тры дзесяціны. Такі надзел называлі “жабрацкім”. Калі гаспадар жадаў мець надзел большы за тры дзесяціны, то павінен быў дакупляць зямлю ў пана за грошы. Так зрабілі многія. Напрыклад, мой дзед, Мароз Емяльян Цімафеевіч атрымаў “жабрацкі надзел”, далучыў яшчэ адзін надзел свайго брата Данілы Цімафеевіча (не меў сям’і, працаваў фельчарам і пражываў у в. Антонаўка), а пасля дакупіў зямлю за грошы. У выніку атрымаўся надзел у 14,5 дзесяцін.
Многія гаспадары перасяліліся ў Жудзілава з-пад Карэліч. Прозвішчы гаспадароў: Кушаль (2 двары), Мароз (1 двор), Жук (2 двары), Карповіч (1 двор), Супрановіч (2 двары), Спагар (1 двор), Нагулевіч (2 двары) і інш.”
Насельнікі хутароў Жудзілава перасяліліся ў вёскі Вераб’евічы, Поўбераг і Антонаўка падчас суцэльнай калектывізацыі ў 1946г.







3.ШЫРНЕЎКА

Цяпер невяліка пасяленне на поўнач ад Вераб’евіч, аддзеленая доўгім узгоркам. Засталося некалькі хат без сталага пражывання ў іх. Аповяд пра Шырнеўку Рабецкага Георгія Іванавіча, 1912 года нараджэння, запісаны ў 2000 годзе:
“Шырнеўка пачынае сваю гісторыю з пачатку ХХ стагоддзя разам з Жудзілавам і Параслямі. Тут было толькі 6 двароў, чатыры з якіх – двары Пудзіноўскіх: Франца, Адольфа, Казіміра і Костуся. Прозвішчы астатніх: Данільчык і Галубок.
Гаспадары атрымалі свае надзелы таксама ад пана Брухоцкага. Толькі іх “жабрацкі” надзел скдадаў 4 дзесяціны. Менавіта шырыня шнуроў-надзелаў і дала назву групе хутароў– Шырнеўка.
Землі гаспадароў былі паросшыя лесам, знаходзіліся на крутых узгорках і, каб атрымаць поле, прыходзілася высякаць той лес. З яго і будаваліся. Па сённяшні дзень ёсць хаты і гаспадарчыя пабудовы са свайго лесу”.
Хочацца дабавіць, што адзін з гаспадароў – Казімір Пудзіноўскі – не прыкіпеў да сельскай гаспадаркі, падаўся ў Польшчу, дзе скончыў універсітэт. У 1939 годзе быў прызначаны консулам Другой Рэчы Паспалітай у Бельгіі і Нідэрландах. Арыштаваны 17 верасня 1939 года на аэрадроме ў Навагрудку. Далейшы лёс яго невядомы.
Хутары Шырнеўкі зліліся з вёскай Ракевічы і афіцыйна назва перастала ўжывацца падчас калектывізацыі ў пасляваенны час.









4.ПАРАСЛІ

Гэтая група хутароў амаль поўнасцю паўтарае гісторыю Жудзілава і Шырнеўкі: той жа час, той жа пан-уласнік, тыя ж самыя шнуры-надзелы. Але слова аб некаторай адметнасці Параслёў Рабецкаму Г.І.: “Хутары параслі хутчэй за ўсё атрымалі сваю назву ад узгоркаў, паросшых лесам, дзе яны знаходзіліся. У пачатку стагоддзя (ХХ) тут было толькі некалькі гаспадарак. калі ішла хваля першай сусветнай вайны, Параслі былі спаленыя немцамі. Але пасля вайны адбудаваліся. Тут налічвалася ў 20-30-я годы 16 хат. прозвішчы гаспадароў: Хомічы (5 двароў), Камар (1 двор), Бялецкі (1 двор), сасін (1 двор), Рабецкі (1 двор), Кот (2 двары), Мезен (1 двор), Шайбак (1 двор), Манкевіч (1 двор), Супрановіч (2 двары).”
Хутары Параслёў перасяліліся ў Ракевічы і Вялікія Вераб’евічы ў пасляваенны час.



Комментариев нет:

Отправить комментарий

  ВАС САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕ ГІСТОРЫКА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ ДУА "ВЕРАБ'ЕВІЦКІ ВПК ДЗІЦЯЧЫ САД-БАЗАВАЯ ШКОЛА"!